Выпускніца Ліцэя БДУ абараніла дысертацыю ў Гарвардзе

Выпускніца Ліцэя БДУ 2008 г. Алена Борыс паспяхова абараніла дысертацыю па лінгвістыцы на ступень PhD у Гарвардскім універсітэце. Даследаванне прысвечана ўзаемадзеянню інтанацыі і структуры сказа ў грузінскай мове. Абарона адбылася ў пачатку мая 2019. Аўтар зацікавілася сінтаксісам і інтанацыяй у грузінскай мове. Як у шматлікіх іншых мовах з дзеясловам у канцы (турэцкай, хіндзі і г.д.), у грузінскай мове пытальныя займеннікі і словы, якія нясуць на сабе лагічны націск альбо эмфазу, павінны стаяць роўна перад дзеясловам, у адрозненне ад, напрыклад, беларускай, дзе пытальныя займеннікі стаяць першымі ў сказе, а словы пад лагічным націскам могуць быць дзе заўгодна. У дысертацыі Алена Борыс паказала, што гэтыя два тыпы элементаў - пытальныя займеннікі і словы пад лагічным націскам - маюць розныя сінтаксічныя якасці, але вельмі падобную інтанацыю. Гэтыя вынікі адрозніваюць грузінскую ад шматлікіх іншых моў, да якіх грузінская, на першы погляд, падобная. Але самы важны вынік наступны: з'яўленне гэтых двух тыпаў элементаў перад дзеясловам нельга растлумачыць аднолькавым сінтаксісам, як звычайна думаюць.

Віншуем і жадаем далейшых творчых поспехаў і дасягненняў!