Кафедра беларускай мовы і літаратуры

У даўняй прыпавесці расказваецца, як аднойчы ішоў падарожнік і ўбачыў людзей, якія нешта будавалі. Ён падышоў да аднаго працаўніка і спытаў: - Што ты робіш? - Не бачыш, каменне цягаю,- неахвотна адказаў той. - А ты што робіш? - запытаў у другога. - Каменне складаю, - незадаволена сказаў будаўнік. - А што ты тут робіш? - запытаў падарожнік у трэцяга. - Храм будую.

Будаваць храм Беларускага Слова ў Ліцэі 20 гадоў назад пачыналі Лера Мікітаўна Рубашная і Ніна Міхайлаўна Рэут. З прыходам Ганны Фёдараўны Шарапавай, Мікалая Валяр’янавіча Кныша, Зінаіды Антонаўны Яромкi пачала жыццё кафедра беларускай мовы і літаратуры. М. В. Кныш стаў першым загадчыкам кафедры. А ў наступныя гады кафедру ўзначальвалі: Г. Ф. Шарапава, С. А. Важнік, В. В. Кушнярэвіч.

Цягам дваццаці гадоў на кафедры плённа працавалі: Вольга Уладзiмiраўна Праскаловіч (цяпер кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ), Уладзiмiр Іванавiч Куліковіч (цяпер кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рэдакцыйна-выдавецкiх тэхналогiй БДТУ, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”), Ірына Іванаўна Савіцкая, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы, Мікiта Вiктаравiч Супрунчук, кандыдат філалагічных навук, выкладчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ.

Нашым выкладчыкам заўсёды ўдавалася паспяхова сумяшчаць працу ў Ліцэі з навукова-даследчай і навукова-метадычнай дзейнасцю. За гэты час падрыхтаваны і выдадзены цэлы шэраг праграм, падручнікаў, дапаможнікаў для настаўнікаў, вучняў, студэнтаў, метадычны комплекс па беларускай літаратуры для 9 класа. Толькі ў серыі “Ліцэй БДУ” выйшла сем дапаможнікаў для вучняў, якія запатрабаваны не толькі ліцэістамі.

Наша кафедра плённа супрацоўнічае з Інстытутам мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, філалагічным факультэтам БДУ, Нацыянальным інстытутам адукацыі, музеем гісторыі беларускай літаратуры.

Не менш важнай задачай кафедры з’яўляецца адкрыццё вучням самабытнага космасу нашай культурнай спадчыны. Добрай традыцыяй стала правядзенне дзён беларускай культуры, літаратурнага турніра, літаратурна-музычнай гасцёўні, сустрэч з неардынарнымі творчымі асобамі. Яркая і незабыўная падзея ў жыцці Ліцэя – пастаноўка спектакля “Пакуль жыву” па матывах рамана Уладзiмiра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” (галоўны рэжысёр Лера Мiкiтаўна Рубашная).

Свае творчыя здольнасці нашы вучні рэалізоўваюць у часопісе “Nota bene” і газеце “Рукі”, выданне якіх курыруюць выкладчыкі кафедры. Сёння на кафедры працуюць прадстаўнікі чатырох пакаленняў:
Рубашная Лера Мікітаўна,
Кушнярэвіч Вераніка Вячаславаўна,
Ківель Ізольда Уладзіміраўна, старшы выкладчык кафедры тэорыі літаратуры фiлалагiчнага факультэта БДУ,
Кравцевiч Наталля Янісаўна (выпускнiца Лiцэя 1992 года),
Куневіч Святлана Валер’еўна (выпускнiца Лiцэя 1992 года),
Казлоўская Марына Міхайлаўна, кандыдат філалагічных навук (выпускнiца Лiцэя 1999 года),
Фурс Вольга Уладзіміраўна, (выпускнiца Лiцэя 1999 года) кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН РБ.

Паказальна, што вучні вяртаюцца ў Ліцэй і на кафедру ў якасці выкладчыкаў, каб дзяліць са сваімі настаўнікамі радасці, удачы, перамогі. Мы – калектыў адзінадумцаў. Мы працягваем будаваць наш ліцэйскі храм Беларускага Слова.